НАВІНЫ
Прававы каментар Юрыдычнай Службы ЗБС

Прававы каментар Юрыдычнай Службы ЗБС наконт новых правілаў унутранага распарадка БДУ
12 красавіка Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт уключыў у Правілы ўнутранага распарадку палажэнне, якое абавязвае студэнтаў, магістрантаў, слухачоў, стажораў БДУ "не дапускаць каментарыяў аб БДУ і ад імя БДУ, якія размешчаны ў інфармацыйнай прасторы (СМІ, інтэрнэт, сацыялныя медыя), што могуць нанесці пагрозу іміджу і дзелавой рэпутацыі БДУ" (пункт 5.20 Правілаў унутранага распарадку для навучэнцаў БДУ). Паспрабуем разабарацца, наколькі дадзены пункт адпавядае заканадаўству.

У Беларусі пытанне распаўсюджання інфармацыі рэгулюе Закон "Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі" ад 10 лістапада 2008 г. " 455-3 (далей – Закон). [1] Закон мае больш высокую юрыдычную моц, чым лакальныя нарматыўныя прававыя акты (напрыклад, узгаданыя Правілы ўнутранага распарадку ўніверсітэта).

Згодна Закона, агульнадаступнай з'яўляецца інфармацыя, доступ, распаўсюджанне і (або) прадастаўленне якой не абмежавана. [2] Гэты ж Закон мае поўны спіс відаў інфармацыі, распаўсюджанне і даванне якой абмежавана – да яе належыць інфармацыя, якая ўтрымлівае дзяржаўныя сакрэты, камерцыйную, прафесійную і банкаўскую тайну, звесткі аб прыватным жыцці, персанальныя даныя і г. д. [3]

Закон прама забараняе абмежаванне ў доступе, распаўсюджанні і прадастаўленні інфармацыі аб правах, свабодах і законных інтарэсах фізічных асоб (у тым ліку студэнтаў), аб абавязках юрыдычнай асобы (у дадзеным выпадку – універсітэта), роўна як і аб тым, якім чынам гэтыя абавязкі рэалізуюцца. Доступ і распаўсюджанне інфармацыі аб фактах парушэння законнасці таксама не можа быць абмежаваны. [4]

Тым не менш, забарона распаўсюджання інфармацыі ад імя БДУ (калі вы не з'яўляецеся прадстаўніком БДУ) правамерна. Законам акрэслена, што інфармацыя, якая распаўсюджваецца, павінна ўтрымліваць праўдзівыя звесткі аб асобе, якая яе распаўсюджвае – парушэнне гэтага прынцыпу сапраўды можа пацягнуць да адказнасці. [5]

Такім чынам, калі інфармацыя, што распаўсюджваецца, праўдзівая, поўная, не распаўсюджваецца ад чужой асобы, не парушае іншыя палажэнні заканадаўства і з'яўляецца агульнадаступнай – яе распаўсюджанне законнае, нават калі яна "можа нанесці пагрозу іміджу і дзелавой рэпутацыі". У гэтай частцы змест пункта 5.20 Правілаў унутранага распарадку навучэнцаў БДУ не адпавядае нормам права, прама супярэчыць Закону Рэспублікі Беларусь "Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі" і ўводзіць у зман.

Калі вы сутыкнецеся з выкарыстаннем гэтых «правілаў» супраць студэнтаў ці вас саміх– звяртайцеся да нашай юрыдычнай службы. Мы дапаможам абараніць вашыя правы і не дадзім маніпуляваць абсалютна неправамернымі правіламі дзеля ціску на свабоду слова.

Юрыдычная служба ЗБС
Юрыдычная служба ЗБС - гэта аддзел Нацыянальнага студэнцкага саюза "Задзіночання Беларускіх Студэнтаў", які кансультуе студэнтаў і студэнтак беларускіх ВНУ і ССНУ з нагоды прававых праблем або заканадаўства ў галіне адукацыі. Адказ заўсёды падмацаваны спасылкамі на прававыя дакументы і дасылаецца на працягу 10 працоўных дзён на пазначаны вамі адрас электроннай пошты. Агульныя пытанні да юрыдычнай службы можна адправіць на электронны адрас legal.zbs@gmail.com
Крыніцы:

[1] Закон Рэспублікі Беларусь "Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі" ад 10 лістапада 2008 г. № 455-З - http://pravo.by/document/?guid=3871&p0=H10800455

[2] частка 1 артыкула 16 Закона

[3] артыкул 17 Закона

[4] абзацы 1, 7 часткі 2 артыкула 16 Закона

[5] частка 1 артыкула 20 Закона

comments powered by HyperComments