КНУ-пратэст знутры
У лістападзе 2016 года пачаліся неадназначныя падзеі ў галоўным універсітэце Кіева. Мы сустрэліся з актывістамі і даведаліся ад іх, што ж зараз адбываецца ў суседзяў.
Лістапад 2016 - пачатак неадназначных падзей у галоўным універсітэце Кіева. Украінскія студэнты аб'ядноўваюцца і змяняюць наваколле. Была створаная нефармальная арганізацыя «КНУ-пратэст». Яе актывісты, Мікіта Бажэнка і Аксана Расулава, завітвалі з навучальным візітам ў Менск. Мы даведаліся, як пратэст выглядае знутры. На што паўплывалі простыя студэнты? Гартай уніз.
Аксана: Пратэст пачынаўся з аднаго паста «Вконтакте». Нам пераносілі сесію са снежня на студзень. Сесія павінна была пачацца праз 25 дзён пасля таго, як нам пра гэта сказалі. Зрух вельмі значны. Адміністрацыя казала: «Усё было зроблена з-за клопату аб вас. Зараз холадна, зіма».
Мікіта: Нам хацелі працягнуць канікулы яшчэ на два месяцы. Калі ўся зіма не будзе вучэбнай – універсітэт эканоміць вялізарную колькасць грошаў. Больш за 30 мільёнаў грывен. Каля мільёна долараў. І, між іншым, атрымліваецца, што яны ўжо купілі гэтае «цяпло».
І суботы павінны былі быць усё рабочыя да ліпеня. Нам гэта не спадабалася. І мы, група з 60-ці неабыякавых студэнтаў, прыйшлі на адкрытую канферэнцыю студэнцкага парламента, дзе была магымасць пагаварыць з прарэктарам. Калі мы пачалі пытацца ў яго, чым матываваная гэтая сітуацыя, ён сыходзіў ад адказу. "Інтуіцыя нам падказала" і гэтак далей. Разумелі, што тут нешта не чыста. Прайшло толькі некалькі гадзін, як мы пазнаёміліся, а да вечара сфармаваліся ў актыўную пратэстную групу.
Мы можам сказаць: «Мы незадаволеныя». А яны адкажуць: «Мы таксама. І што?».
Ёсць такі орган - Канферэнцыя студэнтаў універсітэту. Гэта вышэйшы орган студэнцкага самакіравання ва ўніверсітэце. Фармальна ён вельмі важны: сцвярджае змены ў складзе органаў студэнцкага самакіравання, прызначае кіраўніка. І гэта ўсё, што яны робяць. Мы можам сказаць: «Мы незадаволеныя». А яны адкажуць: «Мы таксама. І што?».

Яго кіраўніца склікала канферэнцыю з нагоды пераменаў у КНУ. Студэнты, якія ў той час шукалі ў інтэрнэце любую інфармацыю пра сітуацыю ва ўніверсітэце, даведаліся, што такая канферэнцыя існуе, і вырашылі ўсім натоўпам туды прыйсці. Там будзе адміністрацыя, адпаведна, можна штосьці ў іх запытаць. У выніку туды завалілася каля 200 чалавек з улікам дэлегатаў. Адміністрацыя не спасылалася на нарматыўныя дакументы, а казала «Вось так трэба», «Мі интуїтивно видчуваємо». Там быў і прарэктар, і ўсе такія да яго: «Чувак, ты наогул прарэктар?»
Аксана: Атапленне – вялікая праблема ў нашым універы. З дзевяностых у будынках так холадна, што ўзімку немагчыма зняць куртку ў аўдыторыях. У некаторых тэмпература была 2-6 градусаў.
Мікіта: Ўвогуле мы пішам канспекты ручкамі, нам нельга іх друкаваць на кампутары!
Аксана: Пасля канферэнцыі мы папрасілі ўсіх жадаючых сабрацца - прыйшло 70-90 чалавек. Гэта для нас вельмі крута. У гэты ж вечар вырашылі, што будзем не проста байкатаваць універсітэт і не хадзіць на пары, а ціснуць на адміністрацыю. Арганізавалі 3 групы: група, якая займалася пытаннем сесіі, група па пытаннях атаплення і група па стыпендыях. Я нават не ведаю, як так хутка атрымалася. Накіраваліся дзейнічаць адкрыта: інфармаваць праз Сацсеткі, кантактаваць са СМІ, усё запісваць і здымаць - каб не было потым прытэнзій і былі пруфы парушэнняў з боку ўніверсітэта. Наступнай раніцай мы прачнуліся, зайшлі на сайт універсітэта: сесія зноў перанесена на снежань. Гэта было відавочным парушэннем, таму што ўносіць змены ў навучальны план можна не менш чым за месяц.
Адміністрацыя потым нават казала, што ніякага дакументу не было і ніякіх зменаў не ўносілася. Зрэагавалі накшталт «Студэнты, проста сыдзіце». Але апынулася ўсё не так проста, бо мы бачылі іншыя праблемы, тое ж атапленне. У нас шмат карпусоў і частка з іх на ўскраіне. Там вар'яцкі холадна. Нават такая хадзіла легенда, што мы і Куба, калі былі сяброўскімі краінамі, абмяняліся культурнымі праектамі. І КНУ дастаўся архітэктурны праект Кубінскай турмы. І вось па гэтым праекце ўрад вырашыў пабудаваць корпус на ВДНХ.

Дзейнічалі мы ў прававым полі - папрасілі спачатку дазволу ў адміністрацыі, каб пайсці правяраць. У нас жа студэнт - беспраўная жывёла, якая не можа нікуды заходзіць без дазволу. Нават у аўдыторыі. Пайшлі перадаваць афіцыйны адкрыты запрос адміністрацыі. Мы ім напісалі ў фэйсбуку, што заўтра ў такі час мы з вамі сустракаемся пад чырвоным корпусам.
Мікіта: Хоць мы наогул можам нікога не папярэджваць пра гэта. Сказаць: «Выходзь, бяры паперу» Не прадугледжана ў законе працэдура перадачы.
Грыцэнка думаў, што цяпер разгоніць ўсіх, як у 90-е, і нічога яму за гэта не будзе.
Аксана: Да нас выйшаў увесь чырвоны корпус, выйшлі дэканы (смяецца). Дэкан юрыдычнага факультэта - Грыцэнка - адыграў вырашальную ролю. Калі пачалі перадаваць зварот з просьбай выдачы дазволу на праверку корпусаў, ён пачаў нас абражаць пры журналістах. Пасылаў нас у манастыр і ў іншы універсітэт. Грыцэнка думаў, што цяпер разгоніць ўсіх, як у 90-е, і нічога яму за гэта не будзе.
Вось такая карціна: адміністрацыя нас здымае, і стаім мы іх здымаем. А побач стаяць журналісты і здымаюць тое, як мы іх здымаем. Патрабаванні нашыя ў выніку ўзялі. І на наступны дзень аднаго нашага актывіста з юрфака з бацькам выклікалі ва ўніверсітэт. На 4 курсе чалавека выклікаюць на дыван з бацькамі, уяўляеце?
Грыцэнка запрашаў да сябе студэнтаў на размову. Мы прыйшлі ў госьці да яго з ўсёй камандай актыўных пратэстуючых і журналістамі. Прасіў прабачэння. Для нашага ўнівера гэта наогул нонсэнс - каб дэкан, ды прасіў прабачэння!
На 4 курсе чалавека выклікаюць на дыван з бацькамі, уяўляеце?
Мікіта: Была сытуацыя, калі рэктар выклікаў да сябе. Казаў, якія мы малайцы, дапамагаем вырашаць праблемы. Прапаноўваў даць мандат на праверку. Абяцаў, што ніякіх рэпрэсій не будзе, нікога не адлічаць. Дакументы ён нам выдаў, на сваю та галаву. У нас ва ўніверсітэце звычайна як? Студэнты абураюцца, а потым ім даюць афіцыйную паперку, і яны: «О, не, бюракратыя, не хочам». Але мы не з іх.
Аксана: У нас каля 20 корпусаў, і мы ўсе праверылі. Пасля апублікавання вынікаў праверкі ў інтэрнэце (амаль ва ўсіх карпусах тэмпература не адпавядала норме) я прыходжу на свой факультэт, і - о цуд! - ацяпленне працуе. І так фактычна ва ўсіх корпусах было. У некаторыя ўносілі абагравальнікі. Іх ўносяць, а студэнты апладыруюць. Нават відэа дзесьці было.
Тым часам група, якая займаецца стыпендыямі, адпраўляла ў Міністэрства адукацыі зварот. У КНУ з 1991-га года стыпендыю атрымлівае 75% студэнтаў. Вось як па спісе ідуць - так і атрымліваюць. А цяпер зрабілі 40%. У нашай ВНУ павялічаную стыпендыю можа атрымліваць толькі да 3% - 1 чалавек на курсе. Такая схема - падаюць вялікія спісы, а самі сцвярджаюць менш. Міністэрства дае больш грошай - студэнты атрымліваюць менш. Яшчэ і рэзервовы фонд. Па разліках ён вельмі перавышае запатрабаваную суму. Рэзервовы фонд аплачвае стыпендыі для тых, хто ў акадэмічным адпачынку, за мяжой вучыцца ці мае праблемы са здароў'ем. Праз студсаюз і праўкам зрабілі заяўку ў вучоны савет, каб павялічыць адсотак павялічаных стыпендый. Прыйшлі да іх на паседжэнне, патлумачылі. Яны ўжо прывыклі, што мы ў іх на паседжаннях прысутнічаем. На вучоным савеце разгледзелі, але павярнулі ўсё так, як ім зручна. Яшчэ і з парушэннямі.

Мікіта: Вельмі шмат такіх запытаў мы адпраўлялі ў Міністэрства. І кожны раз знаходзілі неадпаведнасці ў дадзеных Міністэрства і дзеяннях адміністрацыі. Вядома, адміністрацыя на нас гнала, што "КНУ-пратэст" куплены. І наогул мы ліпавыя студэнты. Нас пачалі ва ўніверсітэце нават параўноўваць з маленькай антыкарупцыйнай арганізацыяй, якая два гады таму была ва Ўкраіне, - ШеваПил. Пасля сесіі студэнтаў, задзейнічаных ў руху, пачалі адлічваць. І нават не кропкава, як было раней, а масава. Толькі ў першы дзень неправамерна адлічылі больш за 20 чалавек з філасоўскага факультэту.
Зараз актывісты КНУ спрабуюць перамагчы ў выбарах студэнцкага самакіравання. За ўвесь час з лістападу яны дамагліся стыпендый для максімальна мажлівай колькасці студэнтаў, ацяплення корпусаў і інтэрнатаў, у якіх зараз выконваюцца ўсе нормы санэпідэмстанцыі. Пасля апошняй сэссіі было адлічана 22 студэнта з філасоўскага факультэта, 1- з біялагічнага і 2 - з юрыдычнага.