Эксклюзіў
На Міністэрскай Канферэнцыі ЕПВА Беларусі працягнулі дарожную мапу да 2020 года
Як гаворыцца ў аддзендуме ітогавай рэзалюцыі, Беларусь застаецца ў Балонскам працэсе, але на пэўных умовах, якія патрэбна выканаць у 2018-2020 гадах.

У выніковай рэзалюцыі ад 26.05.2018 адзначаецца: Беларусь пачала «некаторыя першыя рэформы», аднак «застаюцца істотныя праблемы». Каб іх вырашыць, міністры адукацыі Еўропы прапаноўваюць новую Дарожную мапу на 2018-2020 гады.

Сярод пунктаў Дарожнай мапы ёсць наступныя:
Якасць і тэрміны
Да 2019 года Беларусь павінна прыняць нацыянальную рамку кваліфікацый вышэйшай адукацыі. У тым ліку сістэма вышэйшай адукацыі павінна ўключаць дзве прыступкі: бакалаўрыят, падчас навучання у якім трэба набраць 180-240 «крэдытаў», і магістратура на 90-120 «крэдытных пунктаў»;
Сістэма крэдытаў
Беларусь павінна цалкам адмовіцца ад пяцігадовага навучання ў бакалаўрыяце і працягваць працаваць над паляпшэннем сістэмы «крэдытаў». Асаблівы фокус павінен быць сканцэнтраваны на выніках вучэбнай дзейнасці, складанні навучальнага плана, а таксама магчымасці імплементаваць праграмы акадэмічнай мабільнасці. Іншымі словамі, калі студэнт едзе на семестр па абмене, атрыманыя ў замежным універсітэце «крэдыты» павінны быць прызнаныя і залічаны дома;
Абмены і двайныя дыпломы
Мінада павінен працаваць над рэалізацыяй сумесных адукацыйных праграм і праграм з магчымасцю атрымання двайнога дыплома. Ад нашай краіны чакаюць прадастаўлення грантаў замежным студэнтам для навучання ў ВНУ Беларусі;
Перагляд размеркавання
Павінен быць вывучаны міжнародны вопыт размеркавання выпускнікоў, каб распрацаваць прапановы для Беларусі па пераглядзе існуючай сістэмы размеркавання. Нажаль, дакладныя тэрміны ў новай Дарожнай мапе не пазначаны;
Уключэнне студэнтаў у прыняцце рашэнняў
У 2019-2020 гадах Беларусь павінна ўключыць студэнтаў у савет па якаснай ацэнцы адукацыйных праграм. Будзе распрацавана працэдура вылучэння кіраўніка універсітэта на конкурснай аснове. Не забыліся ў рэзалюцыі і пра адказнасць за свабоду і аўтаномію універсітэтаў - праца над гэтым павінна працягвацца.
У канцы 2017 года нашыя сябры з Грамадскага Балонскага камітэту правялі маніторынг. Ён паказаў, што Беларусь не выканала цалкам ні адно з узятых абавязацельстваў. Пра гэта ж сцвярджаецца ў выніковым праекце справаздачы кансультацыйнай групы, якая ацэньвала ход выканання Дарожнай мапы ад 2015 года.

Задзіночанне беларускіх студэнтаў таксама ўнесла свой уклад у прыняцце рашэння па працягу дарожнай мапы и вылучэння новых патрабаванняў беларускай сістэме вышэйшай адукацыі. На Міністэрскай канферэнцыі Еўрапейскім студэнцкім саюзам (ESU) была прадстаўлена адзіная ітогавая рэзалюцыя па праблеме выконвання беларускімі ўладамі балонскіх патрабаванняў. З тэкстам рэзалюцыі можна азнаёміцца ніжэй.
74 З'ЕЗД ЕЎРАПЕЙСКАГА СТУДЭНЦКАГА САЮЗУ
Рэзалюцыя аб падаўжэнні дарожнай мапы Балонскага працэсу ў Беларусі
Калі міністры чарговы раз пацвярджаюць важнасць асноватворных каштоўнасцяў Еўрапейскай Прасторы Вышэйшай Адукацыі (ЕПВА) (рэд. - краіны Балонскага Працэсу), мы настойваем, каб гэтыя каштоўнасці ў поўнай меры выконваліся на ўсёй тэрыторыі ЕПВА і мы заклікаем міністраў адкрыта казаць пра выпадкі, калі гэтыя каштоўнасці знаходзяцца пад пагрозай - і некалькі падобных прыкладаў адбыліся цягам апошніх некалькіх год.

З гэтага лагічна выцякае, што любая краіна, якая жадае далучыцца да ЕПВА, павінна прызнаць асноўныя каштоўнасці - гэта абавязковая умова паспяховага ажыццяўлення ўсіх іншых Балонскіх рэформаў і, такім чынам, неабходная ўмова для самога сяброўства ў ЕПВА. Без усялякага сумневу, у Беларусі іншая сітуацыя. Фінальная справаздача «Падтрымка беларускай Дарожнай мапы» недвухсэнсоўна дае зразумець, што Дарожная мапа, складзеная для Беларусі ў 2015 годзе, не будзе выканана да траўня 2018 года, а адносна фундаментальных каштоўнасцяў ЕПВА назіралася «адсутнасць прагрэсу ў дачыненні да фундаментальных каштоўнасцяў адукацыі, такіх як акадэмічныя свабоды, незалежнасць і стварэнне студэнцкіх саюзаў [...].». Акрамя таго, незалежныя беларускія студэнцкія арганізацыі паведамляюць пра тое, што органы дзяржаўнай улады вярнуліся да парушэнняў правоў студэнтаў і сістэматычных рэпрэсіяў супраць лідараў незалежных студэнцкіх арганізацый і што існуе велізарная непавага да акадэмічнай свабоды з боку беларускіх чыноўнікаў любога узроўню.

Для ESU гэта бесперапыннае парушэнне асноватворных каштоўнасцяў ЕПВА з'яўляецца відавочным доказам таго, што Беларусь не жадае ажыццяўляць якія-небудзь істотныя змены. Мы шчыра лічым, што міністры прымаюць свае абавязацельствы па забеспячэнні асноўных каштоўнасцяў ЕПВА вельмі сур'ёзна і прадэманструюць нулявую талерантнасць, калі яны не выконваюцца. Таму мы заклікаем іх прымяняць больш жорсткія механізмы кантролю ў працягнутай Дарожнай мапе для Беларусі і не прымaць паўнапраўнае сяброўства Беларусі ў Балонскім працэсе, пакуль не рэалізаваныя істотныя змены і цалкам не прынятыя фундаментальныя каштоўнасці ЕПВА.

comments powered by HyperComments