Што такое Gap-year
Пасля завяршэння школы ў моладзі, як правіла, ёсць два шляхі: паступленне ва Ўніверсітэт ці праца. Аднак ёсць і трэці - gap year! Падрабязнасці ў артыкулу

Перапынак, які вызначае вашае жыццё.

Калі перакладаць даслоўна, то gap year азначае "гадавы перапынак". Гэта магчымасць для выпускнікоў школ узяць паўзу, перш чым паступаць у ВНУ ці ісці працаваць. Такая практыка шырока распаўсюджана ў свеце, асабліва ў Брытаніі, Аўстраліі і Новай Зеландыі.

Як з'явіўся gap year?

Ідэя "гадавога перапынку" з'явілася ў 60-я гады 20 ст. у Вялікабрытаніі і была звязана ў першую чаргу з пошукам адказаў на пытанне "Ці павінны мы жыць так, як жывуць нашыя бацькі?". Большасць маладых людзей брала "перапынак", каб знайсці сябе ў жыцці, здзейсніць вандраванне ці папрацаваць у дабрачыннай арганізацыі. У 1967 г. Нікалас Маклін-Брістол стварыў кампанію "Project Trust" (яна першая стала займацца гуманітарнымі вандроўкамі ў межах "гадавога перапынку") і паслаў трох валанцёраў у Адзіс-Абебу ў Эфіёпіі. Як адзначалі маладыя людзі, яны апынуліся ў складаных умовах і змаглі атрымаць цікавы досвед, які стаў вырашальным пры фармаванні іх асоб.

Навошта бяруць "перапынак"?

У большасці выпадкаў - каб пажыць за мяжой і атрымаць цікавы мультыкультурны досвед. Напрыклад, у якой-небудзь добраахвотніцкай экспедыцыі ў краіны Афрыкі ці Азіі. Па-першае, гэта дазваляе пабываць у новых месцах, па-другое – зрабіць штосьці карыснае, па-трэцяе – развіць у сябе навыкі і здольнасці, якія спатрэбяцца пры працаўладкаванні ў будучым. У іншых сітуацыях "гадавы перапынак" выкарыстоўваецца для таго, каб падрыхтавацца да паступлення: падцягнуць сваю замежную мову альбо вывучыць мову праграмавання, прачытаць неабходную літаратуру. Не варта таксама забываць, што gap year дае магчымасць зарабіць грошай на перыяд навучання і атрымаць свой першы працоўны стаж.

Gap year у нашых рэаліях.

У Беларусі, як і ў іншых постсавецкіх краінах, няма такой практыкі. У большасці выпадкаў гэта звязана з грамадскімі ўсталяваннямі і пазіцыяй бацькоў "Пасля школы трэба адразу паступаць ва ўніверсітэт і толькі так ты зможаш знайсці працу і "ўладкавацца" ў гэтым жыцці". Пра тое, каб год падарожнічаць, валанцёрыць ці вывучаць тое, што хочацца, не можа быць і гаворкі. Апроч грамадскага ціску на Беларусі таксама існуе вайсковая павіннасць, якая абмяжоўвае выбар хлопцаў да двух варыянтаў: ідзі вучыся або - ў войска.

Маладыя людзі запаўняюць аўдыторыі ўніверсітэтаў і забяспечваюць сабе на чатыры гады адтэрміноўку. Змест навучання тут грае другасную ролю. Такія ўмовы паступлення вымушаюць хлапцоў, якія яшчэ не вызначыліся, паступаць на падставе парадаў бацькоў ці нейкіх унутраных сімпатый альбо схільнасцей да той ці іншай навукі. Не дзіўна, што шмат якія студэнты расчароўваюцца ў сваім выбары ўжо на сярэдзіне навучання.

Наша адукацыя можа быць лепш.

Калі б на Беларусі існаваў gap year, гэта дазваляла б моладзі выпускных класаў засяродзіцца на замацаванні школьнай праграмы і здачы іспытаў. Затым заняцца падрыхтоўкай да паступлення ва ўніверсітэт. Сумяшчэнне школьных іспытаў і паступлення не спрыяе выдатным вынікам і камфортнаму эмацыйнаму стану абітурыентаў. Да таго ж, не будзем забываць, заўсёды павінен заставацца час для вандраванняў, самаразвіцця, адпачынку і цікавых адкрыццяў. Мы ніколі не будзем такімі маладымі, як цяпер.
Патлумачыў Яўген Міхасюк