Навіны: ЗБС запускае праект "ВОКА"
Прыйшоў час расплюшчыць вочы!
Задзіночанне Беларускіх Студэнтаў (ЗБС) запускае праграму па назіранні за правапарушэннямі ва ўніверсітэтах Беларусі. Зусім хутка па ўсёй Беларусі будзе створана сетка студэнтаў-назіральнікаў, якія своечасова будуць паведамляць пра парушэнні студэнцкіх правоў, а таксама пра іншыя праблемы, якія зараз ёсць ва ўніверсітэтах Беларусі.

Кампанія прадугледжвае 4 накірункі працы: адукацыйны, асветніцкі, юрыдычны і маніторынг.

Адукацыя. У межах праекта распрацавана адмысловая адукацыйная праграма па правах чалавека. Кожны, хто жадае, можа далучыцца да вывучэння курса і атрымаць усе неабходныя веды для назірання за сваім універсітэтам. Выпускнікам будзе прапанавана далучыцца да сеткі назіральнікаў.

Асвета. Кампанія "ВОКА" таксама прадугледжвае распрацоўку і выданне асветніцкіх матэрыялаў, прысвечаных правам студэнтаў. Адмысловыя брашуры і ўлёткі будуць распаўсюджаны ў беларускіх універсітэтах і на іншых адукацыйных пляцоўках.

Юрыдычны накірунак. Праект "ВОКА" забяспечыць юрыдычнай кансультацыяй і дапамогай кожнага студэнта, які будзе да нас звяртацца.

Маніторынг. Асноўным жа накірункам будзе назіранне за правапарушэннямі і стварэнне сеткі студэнтаў-назіральнікаў, далучыцца да якой вельмі проста. Таксама ёсць магчымасць перадаваць звесткі ананімна!