Наша гісторыя —наш падмурак
ЗБС — найстарэйшая моладзевая арганізацыя незалежнай Беларусі. Больш чым за 30 гадоў мы перажылі ўздымы і падзенні, рэпрэсіі і адраджэнне.
Ключавыя падзеі
Узнікненне ЗБС
У 1988−1989 годах гадах нефармальныя студэнцкія групы Беларусі, аб’яднаныя беларускай нацыянальнай ідэяй, вырашылі злучыцца ў адзіны саюз.
Падрабязней ↓
Афіцыйная рэгістрацыя
У 1992 годзе ЗБС афіцыйна рэгіструецца Міністэрствам Юстыцыі Беларусі. З гэтага года пачынаецца развіццё універсітэцкіх ячэек, з’яўляюцца першыя кабінеты арганізацыі ў БДУ і іншых ВНУ.
Падрабязней ↓
Аб'яднанне студэнцтва
На працягу 1990-ых гадоў ЗБС працягвае аб’ядноўваць неабыякавае і нацыянальна-арыентаванае студэнцтва. Студэнцкая Думка выходзіць у шырокі друк, а ЗБС арганізоўвае серыю гучных акцыяў.
Падрабязней ↓
Пераслед ЗБС
З прыходам Лукашэнкі пачынаецца паслядоўны пераслед незалежных арганізацыяў, у тым ліку ЗБС. У 2001 годзе ЗБС становіцца першай буйной ахвярай антыканстытуцыйнага рашэння Вярхоўнага Суда аб ліквідацыі арганізацыі.
Падрабязней ↓
Дзейнасць у падполлі
Пачынаючы з 2004 года на арганізацыю аказваецца беспрэцэдэнтны ціск: актывісты падвяргаюцца ператрусам, Студэнцкая Думка канфіскуецца і забараняецца для друку. Пасьля 2006 году ЗБС практычна функцыянуе ў падполлі, займаючыся нефармальнай адукацыяй і культурнымі праектамі.
Падрабязней ↓
Адраджэнне ЗБС
У 2015 годзе ў Беларусі выбухае першы за доўгі час студэнцкі пратэст супраць увядзення платных пераздач у БДУ і іншых ВНУ. У 2016 годзе актывісты вырашаюць адрадзіць ЗБС як адзіны незалежны студэнцкі саюз Беларусі. З моманту адраджэння ЗБС аброс мноствам праектаў і актывістаў новага пакалення.
Падрабязней ↓
Аб'яднанне са страйкамамі
Падчас падзеяў 2020 года ў Беларусі ЗБС заняў агульнанародную пазіцыю: непрызнанне вынікаў выбараў, патрабаваў адстаўкі Лукашэнкі і спынення гвалту. За гэта ЗБС паплаціўся арыштамі і ператрусамі, якія прывялі да ідэі аб’яднання намаганняў з нізавымі студэнцкімі пратэстнымі ініцыятывамі.
Падрабязней ↓
Узнікненне ЗБС
Напрыканцы 80-х Беларусь перажывала ўздым нацыянальнага адраджэння: утварылася мноства культурных і палітычных рухаў, мэтай якіх было прасоўванне беларускай культуры, мовы і ідэі незалежнасці. Пры гэтым, Беларусь усё яшчэ з’яўлялася часткай Савецкага Саюза — таталітарнай аднапартыйнай дзяржавы з адпаведнай атрыбутыкай.

Адным з самых актыўных у нацыянальным руху стала студэнцтва. У беларускіх ВНУ яшчэ дзейнічалі абавязковыя курсы па гісторыі КПСС і навуковаму камунізму, а кожны «прыстойны» малады чалавек мусіў уваходзіць у камсамол. Але многія студэнты ўжо ведалі пра існаванне Курапатаў, старонкі рэальнай гісторыі Беларусі і рэаліяў жыцця на Захадзе. Таму ў ВНУ паўсталі нефармальныя клубы па інтарэсах. Сярод найбольш актыўных былі: суполка «Світанак» на базе БДТУ, якая наладзіла выпуск першага незалежнага студэнцкага СМІ Беларусі «Студэнцкая Думка» (СД), а таксама нефармальныя студэнцкія аб’яднанні БДУ, БДМУ і БДПУ.

Менавіта гэтыя універсітэты і сталі асновай новай арганізацыі — Задзіночання беларускіх студэнтаў (скар. — ЗБС). Асноўнымі мэтамі новага аб’яднання стала барацьба супраць ідэалагізацыі вышэйшай адукацыі і прасоўванне ідэй рэфармавання сістэмы адукацыі на сучасны лад.
Дзейнасць у 1990-ыя гг.
У 1992 годзе ЗБС было афіцыйна зарэгістравана ў Міністэрстве юстыцыі Рэспублікі Беларусь як Рэспубліканская маладзёжная грамадская арганізацыя «Задзіночанне Беларускіх Студэнтаў». Васьміканцовая зорка, старадаўні сімвал чалавека і ведаў, стала афіцыйным сімвалам арганізацыі.

Адразу пасля рэгістрацыі пад эгідай ЗБС была праведзена серыя вялікіх мерапрыемстваў, сярод якіх канферэнцыя «Нацыянальнае вышэйшую адукацыю Беларусі» і I З’езд маладых беларусаў свету, на які ў якасці дэлегатаў прыбылі маладыя беларусы з больш чым дзесяці краінаў. За 90−95 гг. атрымалася выдаць 4 слоўніка і некалькі музычных альбомаў беларускамоўных рок-гуртоў і выканаўцаў.

У 1994 годзе, адразу пасля абрання Лукашэнкі прэзідэнтам, ЗБС арганізаваў серыю пратэстных акцыяў, у тым ліку за павышэнне стыпендый і матэрыяльнага дастатку студэнцтва. Працягвалася выдавацца і расці Студэнцкая Думка. На момант другой паловы 1990-х гг. наклад складаў больш за 5 тысячаў асобнікаў штомесяц, якія распаўсюджваліся як ува універсітэтах, так і ў грамадскіх пляцоўках.

Актыўна вялася работа па асвеце студэнцтва: сябры ЗБС распавядалі студэнтам пра універсітэцкае самакіраванне і як яно павінна працаваць. За 90-ыя гг. колькасць сяброў ЗБС ўзрасла да 2 тысяч чалавек.

У 1999 годзе ЗБС стаў сузаснавальнікам і паўнавартасным чальцом ESU — Еўрапейскага студэнцкага саюза, які аб’ядноўвае ўсе студэнцкія саюзы Еўропы і ставіць на мэце лабіраванне інтарэсаў студэнцтва на агульнаеўрапейскім узроўні, у тым ліку ў межах Балонскага працэсу. ЗБС да гэтага часу захоўвае статус паўнавартаснага чальцом.
Дзейнасць у 2000−2014 гг.
У 2000 годзе, адразу пасля вяртання інстытута размеркавання студэнтаў, ЗБС актыўна вёў кампанію за скасаванне прымусовага размеркавання. ЗБС лічыў, што прымусовае размеркаванне парушае адразу два артыкула Канстытуцыі: 41 і 49, якія адпаведна гарантуюць права на свабодную працу і на бясплатную вышэйшую адукацыю на конкурснай аснове.

Вясной 2000 года, пасля серыі пікетаў, ЗБС пры супрацоўніцтве з дэпутатам Палаты Прадстаўнікоў Навасядам, сабраў 35 тысяч подпісаў у падтрымку адмены прымусовага размеркавання. Подпісы былі адхіленыя.

Улетку 2001 году ЗБС прыняў актыўны ўдзел у прэзідэнцкай кампаніі, выступаючы за празрыстыя і сумленныя выбары і заклікаючы маладых людзей галасаваць свядома. У ліпені-жніўні 2001 актывісты правялі серыю пікетаў з заклікам галасаваць на выбарах і не дапусціць фальсіфікацыяў. Аднак, ужо 7 верасня 2001 года, напярэдадні саміх выбараў, пачаўся ціск на арганізацыю: на офісе быў праведзены ператрус і ўсе агітацыйныя матэрыялы былі канфіскаваныя.

У лістападзе 2001 года Вярхоўны Суд пачаў слуханні па ліквідацыі ЗБС на аснове чатырох папярэджанняў. Фармальнымі прычынамі сталі: адсутнасць шыльды з назвай на рускай і беларускай мовах на дзверы офіса, а таксама выкарыстанне слова «Менск» замест «Мінск» у дачыненні да назвы сталіцы, за што ЗБС абвінавачваўся ў парушэньні 20-га арт. Канстытуцыі «Сталіца Рэспублікі Беларусь — горад Мінск».

Тады ЗБС падтрымала АБСЕ, а таксама шматлікія партнёры ўнутры Беларусі і за мяжой. Аднак, нягледзячы на ўсю падтрымку і абсурднасць прад’яўляюцца абвінавачванняў, ЗБС пазбавілі рэгістрацыі з забаронай на перарэгістрацыю тэрмінам у 15 гадоў.

Нягледзячы на фармальную забарону дзейнасці, арганізацыя існавала. У гэтым жа годзе быў створаны першы інфармацыйны інтэрнэт-рэсурс студэнцтва studenty. by, які ўвайшоў за кароткі тэрмін у спіс самых наведвальных сайтаў Беларусі. У 2002−2004 гг. ЗБС рэалізоўваў праект «Адкрыты студэнцкі форум. Думкі ўслых», вынікам якога стала распрацоўка першай Дэкларацыі правоў студэнтаў Беларусі.

У гэты ж час Студэнцкая Думка ўсё больш пераходзіла ў фармат часопіса і стала самым папулярным моладзевым часопісам краіны. З СД супрацоўнічалі буйныя брэнды, такія як Samsung, Levi’s і іншыя, а сама СД выдавалася ў поўным колеры і глянцы. Аднак, ужо ў 2004 годзе сілавікі сталі паляваць за СД: быў забаронены продаж у Белсаюздруку, усе асобнікі СД у кавярнях і грамадскіх пляцоўках былі канфіскаваныя. Пасля ціску, СД давялося перафарматавацца і адысці ад ЗБС. Вынікам стала ўзнікненне адразу 2-х СМІ, якія дзейнічаюць у Беларусі дагэтуль: 34mag.net и citydog.by.

У 2004 годзе ЗБС праводзіў «шэсце бяздомных студэнтаў» праз недахоп інтэрнатаў. Шэсце шырока асвятлялася ў СМІ, удзельнікі былі арыштаваныя.
У 2005−2006 гг. ЗБС стаў ініцыятарам кампаніі «Хочам вучыцца па-беларуску». Студэнты розных ВНУ выходзілі на цэнтральныя плошчы Мінска на маўклівыя акцыі з патрабаваннем стварэння беларускамоўных праграм ува універсітэтах.

У 2006 годзе збсаўцы ўдзельнічалі ў акцыях пратэсту супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў. Частка актывістаў была вымушаная пакінуць Беларусь, на некаторых пасля ціснулі сілавікі.

Пачынаючы з 2006 года ЗБС вёў кампанію «Ільготы кожны дзень» у падтрымку ўвядзення бясплатнага праезду ў грамадскім транспарце на працягу ўсяго каляндарнага года для студэнтаў. Аднак, у 2007 годзе былі ліквідаваныя ўсе льготы на транспарт для студэнтаў, што справакавала серыю акцыяў пратэсту адразу ў некалькіх гарадах Беларусі.

Падчас прэзідэнцкай кампаніі 2010 г.
была арганізаваная кампанія «Грамадзянін». Мэта кампаніі - паказаць, што асновай дзяржавы з’яўляюцца не службоўцы, а грамадзяне. Асноўнымі напрамкі кампаніі сталі: інфармаванне грамадзян аб выбарах, праца з выбарчымі камісіямі і праца з дзяржаўнымі ўстановамі.

У 2014 годзе актывісты ЗБС рабілі серыю летніх кінапраглядаў у пераходах. Нягледзячы на бяскрыўднасць ідэі двое актывістаў былі арыштаваныя.
Адраджэнне ЗБС, дзейнасць у 2015−2020 гг.
У 2015 годзе прайшла першая з 2007 года буйная студэнцкая акцыя пратэсту: марш студэнтаў 2 снежня. Тады незалежныя студэнцкія актывісты некалькіх універсітэтаў аб’ядналіся супраць увядзення платных пераздач экзаменаў і залікаў, а таксама за стварэнне інструментаў дыялогу студэнцтва і адміністрацыі ВНУ пад эгідай руху #студэнтысупраць. Нягледзячы на шырокі грамадскі рэзананс, пераздачы ўсё-такі былі ўведзеныя, а некалькі студэнтаў адлічылі.

У 2016 годзе частка ўдзельнікаў #студэнтысупраць вырашыла не спыняць сваю дзейнасць. Так з’явілася ідэя адзінага студэнцкага саюза, а за аснову вырашылі ўзяць ужо існуючы, але заняпалы ў моманце ЗБС. 6 мая 2016 года СМІ была прэзентаваная перазагрузка ЗБС з новым прыярытэтам працы: аб’яднанне студэнцтва для адстойвання агульных правоў і інтарэсаў. Быў адноўлены рэгулярны выпуск Студэнцкай Думкі, пазней пераведзенай ў лічбавы фармат.

У 2017 годзе ЗБС падтрымаў агульнанацыянальны пратэст супраць Дэкрэта № 3, таксама вядомы як «Дэкрэт аб дармаедах». Быў арганізаваны «Студэнцкі Блок» для сумеснага ўдзелу ў мірных акцыях, а таксама фонд узаемадапамогі студэнцтва для збору грошаў на штрафы арыштаваным. Нягледзячы на шматлікія рэпрэсіі, дэкрэт быў адменены і пераствораны, а ўладам давялося аслабіць многія аўтарытарныя практыкі.

Пачынаючы з 2017 года пад эгідай ЗБС пачалася актыўная праца па нефармальнай адукацыі і асвеце студэнцтва. Так, ЗБС стаў праводзіць Акадэмію студэнцкага лідэрства (АСЛ), выпускнікамі якой сталі больш за 200 чалавек, якія рэалізавалі дзясяткі праектаў і ініцыятываў у сценах сваіх ВНУ. Таксама была распачатая Школа журналістыкі ад СД, якая падрыхтавала дзясяткі маладых журналістаў і журналістак.

2018 год стаў годам найбольшага росту арганізацыі. За гэты час было праведзена некалькі дзясяткаў адукацыйных івэнтаў, ЗБС прыняў удзел у святкаванні Стагоддзя БНР, колькасць сябраў (прыхільнікаў) ЗБС вырасла да 200 чалавек. У гэтым жа годзе актывістамі ЗБС была запушчана студэнцкая зніжкавая сістэма Unicard. Адбыўся першы з нулявых Агульны Сход, які сабраў больш за 50 дэлегатаў з 16 ВНУ Беларусі. ЗБС стаў найбуйнейшай незалежнай студэнцкай арганізацыяй.

У 2019 годзе ЗБС працягнуў вектар на нарошчванне сваёй колькасці і асвету студэнцтва, а пакаленне «адраджэнцаў» часткова змянілі маладзейшыя. Найстарэйшыя актывісты заняліся павышэннем экспертнасці арганізацыі: запусціўся Юрыдычны аддзел ЗБС, які выдае прававую аналітыку і аказвае кансультацыі, а таксама Студэнцкая Абсерваторыя, якая займаецца даследаваннем становішча акадэмічнай супольнасці Беларусі.

25 сакавіка 2019 года адкрыўся новы офіс ЗБС на вул. Кастрычніцкай у Мінску. Згодна з задумай, офіс павінен быў стаць студэнцкім каворкінг-прасторай. Часткова гэтая мэта дасягнутая: за паўтара года існавання офіса на ім былі праведзеныя сотні мерапрыемстваў, планёрак, прэзентацыяў і проста тусовак.

У красавіку-траўні 2019 года ЗБС актыўна ўдзельнічае адразу ў двух адвакатыўных кампаніях: #маяпрастора ў падтрымку студэнта ПалесДУ, які абвінавачваўся ў «вывешваньні несанкцыянаванай сімволікі» на дзверы свайго пакоя ў інтэрнаце, а таксама #учёбаважнее супраць т.зв. закона Раўкова, які забараняе паступаць у магістратуру без праходжання медкамісіі і агулам адмяняе частку адтэрміновак ад войска.

У верасні 2019 году актывісты ЗБС вырашылі скарыстацца парламенцкімі выбарамі, каб падняць голас моладзі і студэнцтва на нацыянальным узроўні. Разам з актывістамі Legalize Belarus і #учёбаважнее быў створаны Моладзевы блок кандыдатаў у Палату Прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь. У межах Моладзевага блока былі распрацаваныя альтэрнатыўныя прапановы па рэфармаванні беларускай арміі, рэпрэсіўнага наркатычнага заканадаўства (якое датычыцца ў асноўным моладзі) і інстытута размеркавання, а таксама напісаныя адпаведныя законапраекты, даступныя на моладзь.бел. За два месяцы актыўнай кампаніі ўдалося дасягнуць вялікага грамадскага рэзанансу, а таксама правесці мноства акцый у падтрымку пераменаў. Выбары былі сфальсіфікаваныя, а кандыдаты ад ЗБС Алана Гебрэмариам і Даніла Лаўрэцкі не сталі дэпутатамі. Пры гэтым, Моладзевы блок быў адным з нямногіх рухаў, што спрабавалі перашкодзіць фальсіфікацыі выбараў 2019 года.

У 2020 годзе ЗБС разам з моладзевым блокам актыўна прымаўудзел у кампаніі па ўвядзенні неабходных COVID-19 мер. Было распаўсюджана мноства ўлётак з апісаннем неабходных мер, а таксама правядзення акцыя з заклікам выхаду на студэнцкую страйк #хахаятутумру. Па выніку каля траціны студэнцтаў МДЛУ прынялі ўдзел у кароткатэрміновым страйку.
Аб’яднанне са страйкамамі і ініцыятыўнымі групамі
Падчас прэзідэнцкай кампаніі 2020 года ЗБС заняў чакальную пазіцыю. Пры гэтым, значная частка актывістаў і шараговых сябраў ЗБС удзельнічалі ў ініцыятыўных групах, а таксама ў незалежным назіранні. ЗБС даваў офіс для правядзення трэнінгаў па назіранні ад Сумленных Людзей.

Напрыканцы жніўня 2020 года розных ВНУ Беларусі, сталі ўзнікаць страйкамы і ініцыятыўныя групы студэнтаў, мэтамі якіх было выкананне адміністрацыямі ВНУ і ўладай увогуле чатырох патрабаванняў агульнанацыянальнага пратэсту. Для кааперацыі і камунікацыі стачкамаў і ініцыятыўных груп была створаная Студэнцкая ініцыятыўная група (СІГ). З меркаванняў бяспекі актывісты ЗБС выконвалі вялікую частку нябачнай працы: міжнародныя сувязі і звароты, юрыдычныя кансультацыі, вядзенне справаздачаў па рэпрэсіях у дачыненні да беларускага студэнцтва.

За восеньскі перыяд у аб’яднанай Студэнцкай ініцыятыўнай групе, пры пасільнай падтрымцы ЗБС, было аб’яднана 16 ВНУ, праведзеныя сотні мірных акцый, пракансультаваныя і адукаваныя тысячы чалавек.

І за гэта нам давялося паплаціцца. 12 лістапада 2020 года, напярэдадні Міжнароднага дня студэнцтва, надышоў так званы «чорны чацвер»: 10 актывістаў студэнцкага руху, у тым ліку 2 члена Рады ЗБС Алана Гебремариам і Ксенія Сырамалот, былі арыштаваныя КДБ Беларусі, а на офісе ЗБС прайшоў ператрус. Акрамя таго, дзясяткам прыйшлося альбо хавацца, альбо бегчы з краіны з-за крымінальнага пераследу.

Аднак з таго часу для нас стала відавочным: толькі адзінства і салідарнасць дапамогуць нам адстаяць наша агульнае права на свабоду. У снежні 2020 года на агульных сходах ЗБС і Аб’яднанай студэнцкай ініцыятыўнай групы вырашана аб поўным аб’яднанні сіл для дасягнення адзінай мэты — адраджэння ў Беларусі прынцыпаў дэмакратычнасці, законнасці і захавання правоў і свабод чалавека. Пачынаючы з 2021 года ЗБС з’яўляецца кааліцыяй незалежных студэнцкіх аб’яднанняў.