ГІСТОРЫЯ СТУДЭНЦКАЙ ДУМКІ
Тое, што мы шануем
"Студэнцкая думка" захоўвае свае традыцыі ўжо больш за 90 гадоў. Першапачаткова яна з'явілася як грамадска-палітычны часопіс студэнтаў-беларусаў Вільны, тады яшчэ другой Рэчы Паспалітай ці проста міжваеннай Польшчы. Часопіс быў арганізаваны актывістамі Беларускага Студэнцкага Саюза пры Універсітэце Стэфана Баторыя. "Студэнцкая думка" змяшчала хроніку самых важных падзей грамадска-палітычнага і нацыянальна-культурнага жыцця ў Заходняй Беларусі, БССР, Чэхаславакіі, Латвіі, падрабязна асвятляла дзейнасць звяза, змяшчала паведамленні аб працы Таварыства прыяцеляў беларусаведы аб ўдзеле вучняў Віленскай беларускай гімназіі ў нацыянальна-вызваленчай барацьбе. Але паспела выйсці только 15 нумараў, пасля чаго польскія ўлады забаранілі газету. І ўжо ў 1939 годзе сам Студэнцкі Саюз спыніў дзейнасць у сувязі з закрыццём Універсітэта. Такім чынам яшчэ ў міжваенны перыяд была закладзена ідэя беларускага незалежнага студэнцкага СМІ.
///
"Калі стварылася ЗБС, мы вырашылі ўжо арыентавацца на студэнцкі складнік, хай сабе і нацыянальна-арыентаваны"
Другі этап развіцця часопіса пачаўся ў лістападзе-снежні 1988 г., тады гэта было выданне Студэнцкага патрыятычнага згуртавання "Сьвітанак", з 1990 г. – "Задзіночання беларускіх студэнтаў", пазней выданне стала адносна самастойным часопісам. "Студэнцкая думка" – непадцэнзурная газета (потым часопіс), якая існавала на Беларусі даволі вялікі тэрмін: з 1988 па 2005 гг. Нейкі час нават выдавалася легальна. Выгляд мела просты, зручны – фармата А5, аздаблялася знакамі згуртаванняў ("Сьвітанак" і "ЗБС"), а таксама "Пагоняй". Мова была толькі беларуская, спачатку тарашкевіцай. У першы час выпуску газеты былі некаторыя праблемы з перыядычнасцю, не заўсёды аднолькавы азначаўся наклад. Выданне тады было больш культурна-асветніцкім, чым грамадска-палітычным. У нумарах друкаваліся хроніка, вершы, артыкулы пра пашырэнне беларускай мовы (напрыклад, А. Гуркоўскі "Здавайма іспыты па-беларуску").

На грамадска-палітычны лад выданне перайшло, калі стала належаць "Задзіночанню беларускіх студэнтаў". Наклад, мастацкае аздабленне і фармат па-ранейшаму вагаліся. Распаўсюджавалася газета не толькі ў Мінску, але і ў іншых гарадах Беларусі.

Зміцер Салошкін, рэдактар "Студэнцкай думкі" на пачатку 90-х расказвае, што адбывалася з газетай:

У 1988 і 1989 гадах "Студэнцкая думка" была больш культурна-асветніцкім выданнем. Тады ёю апекаваўся Ігар Міхно, які навучаўся ў Тэхналагічным інстытуце. Ігар Міхно і Алесь Гуркоў рабілі "Студэнцкую думку" як часопіс нацыянальна-арыентаванага студэнцтва. Але яны на той час ужо сканчвалі навучанне. А я ў 1989-м толькі паступіў.

І на фоне агульнага нацыянальнага ўздыму, перабудовы і галоснасці, мы сабраліся і стварылі "Задзіночанне беларускіх студэнтаў". Тады тыя, хто ўжо адыходзілі са студэнцтва, перадалі нам "Студэнцкую думку" ў спадчыну.

Калі стварылася "ЗБС", мы вырашылі ўжо арыентавацца на студэнцкі складнік, хай сабе і нацыянальна-арыентаваны. Менш пісаць на культурна-адраджэнска-фальклорныя тэмы, больш – пра студэнцтва, навучанне, прасоўванне мовы.
///
"Апошнія два гады, існуючы ў андэграўндзе, мы, тым не менш, працягвалі выходзіць з каляровай вокладкай, рэалізуючы канцэпцыю "шэрага глянцу". Прыгожае слова, але, насамрэч, у нас проста не было грошай на поўны колер унутры"
Ірына Віданава
Ірына Віданава, у 1997-2005 – галоўная рэдактарка і выдаўніца часопіса "Студэнцкая думка":

– "Студэнцкая думка" ў 1999 годзе была зарэгістраваная, прычым мовай выдання была тарашкевіца. Гэта на хвалі атрымалася, бо тады якраз "Наша Ніва" выйграла суд. І мы ў сваёй заяве на рэгістрацію напісалі ўсе магчымыя мовы, каб пазбавіць магчымасці нейкім чынам нам адмовіць. І па снежань 2003-га "Студэнцкая думка" была афіцыйна зарэгістраваная.

Апошнія два гады, існуючы ў андэграўндзе, мы, тым не менш, працягвалі выходзіць з каляровай вокладкай, рэалізуючы такую канцэпцыю "шэрага глянцу". Прыгожае
слова, але, насамрэч, у нас проста не было грошай на поўны колер унутры. Але мне здаецца, гэта была добрая знаходка. Мы маглі вар'іраваць адзін колер унутры – звычайна гэта быў сіні. Была ідэя, што часопіс будзе па форме глянцавы, а па змесце – мікс. Мы рабілі яго ў забаўляльнай форме, але пісалі ўсё ж пра сур'ёзныя рэчы – за што і паплаціліся.
Наклад на той час быў 5.000 у месяц, мы распаўсюджваліся ў розных кропках. Яшчэ калі мы былі зарэгістраваныя, мы разумелі, што распаўсюджвацца праз "Белсаюздрук" немагчыма. Яны проста раскідвалі выданне, не гледзячы, па розных шапіках. Мы хацелі зрабіць, каб газета прадавалася найперш у шапіках вакол БДУ, але ў нас не атрымалася. Тады мы адмовіліся ад "Белсаюздруку" і перайшлі на ўласную сістэму распаўсюджвання – праз розныя тусовачныя месцы. І захавалі гэтую сістэму пасля таго, як нас пазбавілі рэгістрацыі.

Проста на кожную кропку аддавалі не больш за 295 асобнікаў, каб усё выглядала быццам у межах закону. Але ў лістападзе 2005-га ўлады накрылі адразу ўсе кропкі распаўсюду і забралі ўсё, што было. Ужо больш за 10 гадоў прайшло з таго моманту, калі "Студэнцкая думка" прыпыніла сваё існаванне. Але гэта не перашкаджае аднавіць газету, і мы, прыхільнікі адраджэнскага "Задзіночання беларускіх студэнтаў", працягваем дзейнасць старэйшага выдання студэнцкай супольнасці.


Паводле артыкула Дзяніса Лаўнікевіча "Гісторыя беларускага самвыдату: "Студэнцкая думка".

Слухаць падкаст пра СД ад 34mag.net